Гарадзішча “Гаштольдава гара” (“Кальвіншчына”)


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Архітэктурны помнік Гарадзішча “Гаштольдава гара” – гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, якая ўключана ў шэраг турыстычных маршрутаў.

Гарадзішча “Гаштольдава гара” – гэта вельмі цікавая гістарычная мясціна Койданава. А паколькі горад у XVI стагоддзі быў адным з буйных цэнтраў беларускага кальвінізму, то гарадзішча атрымала другую назву – “Кальвіншчына”. Рэфармацыя, якая ахапіла Вялікае Княства Літоўскае адначасова з Германіяй, Англія і Галандыяй, у асноўным базавалася на пашырэнні кальвінізму. Кальвіністы адмаўлялі ўсялякае імкненне да раскошы, выступалі за прастату, аскетычнасць і выкананне свайго паклікання. Таму пабудаваны на Гаштольдавай гары каля 1564 года Мікалаем Радзівілам Рудым драўляны збор выглядаў максімальна проста і сціпла. 

Праз 50 гадоў сын Мікалая Радзівіла Рудога Крыштап Мікалай Радзівіл Пярун перабудаваў збор, узвёўшы на гэтым месцы вялікую мураваную крэпасць. Будынак быў выкананы ў гатычным стылі і прызначаўся як для набажэнстваў, так і для абароны. Збор-крэпасць быў акружаны глыбокім ровам, пераход праз які быў магчымы толькі па пад’ёмным мосце. Таўшчыня каменных сцен складала паўтара метры. Байніцы былі размешчаны з усіх бакоў вежаў. Койданаўская кальвінская супольнасць працягвала дзейнічаць да пачатку ⅩⅩ стагоддзя. Збор быў цэнтральным храмам для кальвіністаў Мінскага, Ігуменскага і Навагрудскага паветаў.

У ⅩⅨ і ⅩⅩ стагоддзях на тэрыторыі Кальвіншчыны праходзіла шмат баёў, у якіх крэпасць выконвала свае абарончыя функцыі. Тут адбываліся баявыя дзеянні падчас паўстанняў Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага, а таксама падчас Першай і Другой сусветных войнаў. 

Кальвінскі збор на Гаштольдавай гары не захаваўся. Пасля Другой сусветнай вайны ён быў разабраны на камяні пры будаўніцтве раённай бальніцы. Цяпер на гэтым месцы засталіся толькі фрагменты падмурка, сцяны і вежы. Пра гістарычную значнасць мясціны сведчыць усталяваная тут мемарыяльная пліта.

Дата публікацыі: 25.02.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць