Стары мост – гэта адзін з сімвалаў Гродна. Ён злучае мінулае і сучаснае: правабярэжную частку горада з яе гістарычнай забудовай і больш маладыя раёны на левым беразе Нёмана.
Першы вялікі драўляны мост у Гродна праз раку Нёман быў пабудаваны яшчэ ў першай палове XVI стагоддзя, пра што сведчаць тагачасныя гравюры і планы. Аднак у час вайны ён быў разбураны. Наступныя тры стагоддзі ў Гродне не атрымлівалася збудаваць вялікі мост праз Нёман. Толькі ў 1875 годзе пачалі падрыхтоўчыя працы па будаўніцтве металічнага моста на замову ваеннага ведамства. Яго збудавалі да 1908 года. Мост быў металічным, у тры пралёты, даўжынёй 195 метраў і шырынёй 22 метры, і атрымаў назву «Пятроўска-Мікалаеўскі».
Падчас Першай сусветнай вайны, у 1915 годзе, мост узарвалі сапёры расійскай арміі. Яго адбудавалі толькі праз два дзесяцігоддзі, у 1935 годзе. Аднак падчас Другой сусветнай вайны, у 1944 годзе, мост узарвалі ўжо нямецкія войскі. Пасля заканчэння вайны ён чарговы раз быў адбудаваны і 30 кастрычніка 1949 года злучыў сучасныя вуліцы Маставую і Гарнавых. Да 1971 года Стары мост нёс асноўную транспартную нагрузку, пакуль не пабудавалі яшчэ адзін мост, што злучыў вуліцы Паповіча і Вясновую. У 2008 годзе ў незалежнай Беларусі Стары мост рэканструявалі. Пасля гэтага яго прапускная здольнасць значна ўзрасла.
Дата публікацыі: 24.08.2020.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму