Помнік, прысвечаны класіку беларускай літаратуры, паэту Максіму Багдановічу. Размешчаны ў скверы Траецкая Гара на плошчы Парыжскай Камуны, злева ад цэнтральнага ўваходу ў Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі.
Максім Багдановіч – беларускі паэт, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык, літаратуразнавец, класік беларускай літаратуры. “Пясняр чыстай красы”, як назваў яго Антон Луцкевіч, нарадзіўся 9 снежня 1891 года, памёр 25 траўня 1917 года. Прысвечаны яму манумент быў адкрыты 9 снежня 1981 года. Адкрыццё было прымеркавана да 90-годдзя з дня нараджэння паэта. Аўтарамі помніка з’яўляюцца скульптар Сяргей Вакар, архітэктары Юрый Казакоў і Леанард Маскалевіч.
У 2008 годзе помнік быў адпраўлены на рэстаўрацыю. У чэрвені таго ж года помнік быў устаноўлены на новым месцы ў скверы, каля вуліцы Максіма Багдановіча. Адносна былога месцазнаходжання помнік перанеслі на 150 метраў на паўночны захад, бліжэй да месца нараджэння паэта, і павярнулі тварам да ракі Свіслач.
Бронзавая скульптура вышынёй 4,6 метры устаноўлена на нізкім ступеньчатым пастаменце з чырвонага граніту. Паэт паказаны са скрыжаванымі на грудзях рукамі, з букетам васількоў у правай руцэ. У ракурсе фігуры, задумлівым, скіраваным удалячынь поглядзе адлюстравана любоў паэта да роднай беларускай зямлі.
Дата публікацыі: 17.07.2020.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму