Выява “Берасцейская друкарня” прысвечана першай на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарні, якая працавала ў 1550-я–1570-я гады. Менавіта ў гэтай друкарні была надрукавана знакамітая Берасцейская Біблія 1563 года.
У 1553 годзе Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарню, якая павінна была друкаваць Бібліі і іншую хрысціянскую літаратуру.
Адным з першых выданняў Берасцейскай друкарні стаў “Малы катэхізіс” (1553 год). Гэта кніга ўяўляла сабой папулярны выклад асноваў хрысціянскай веры для дарослых і дзяцей.
З Берасцейскай друкарні выйшаў таксама знакаміты “Берасцейскі канцыянал” або “Песні хвал Боскіх” 1558 года. Гэта быў першы друкаваны нотны зборнік у Беларусі. Канцыянал быў складзены Янам Зарэмбам, пры ўдзеле Цыпрыяна Базыліка і яшчэ аднаго вядомага кампазітара эпохі Рэфармацыі – Вацлава з Шаматул.
Выдатнае месца ў гісторыі кнігадрукавання ў Беларусі займае выданне Берасцейскай (або Радзівілаўскай) Бібліі ў 1563 годзе. Гэта Бiблiя не саступала лепшым еўрапейскiм узорам свайго часу.
З Берасцейскай друкарні выходзіла не толькі рэлігійная літаратура. Тут быў надрукаваны трактат ”Размова паляка з лiцьвiнам”, а таксама юрыдычны дакумент “Артыкулы магдэбургскага права”.
Усяго за час працы Берасцейскай друкарні было надрукавана больш за 40 кніжных выданняў рознага зместу і на розных мовах.
Дата публікацыі: 11.07.2019.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму