Парк Горкага


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/eb429f36-7b87-493a-aa0c-571a975fddd8.mp3

Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага ў Мінску з’яўляецца помнікам гісторыі, архітэктуры і садова-паркавага мастацтва. На сёння парк займае плошчу каля 28 гектараў. На ўсёй тэрыторыі парку расце каля 60 відаў дрэў і хмызнякоў – хвоі, таполі і алешыны, якія былі пасаджаны яшчэ ў ХІХ стагоддзі.

Гэты парк упершыню з’явіўся на плане Мінска ў 1801 годзе і абазначаўся як “Гарадскі сад”. У той час Мінск знаходзіўся пад уладай Расійскай імперыі. Урачыстае адкрыццё гэтага парку адбылося 1 мая 1805 года. Першапачаткова парк займаў каля 18 гектараў. У мінскім “гарадскім садзе” былі алеі, кветнікі і дзікія вадаёмы. Да канца XIX стагоддзя ў ім пабудавалі першы стадыён з велатрэкам і стварылі розныя гульнявыя зоны.

У 1920 годзе, з прыходам да ўлады камуністаў, мінскі “гарадскі сад” перайменавалі ў сад “Профінтэрн”, а ў 1936 годзе яму было дадзена імя расійскага савецкага пісьменніка Максіма Горкага.

Пасля завяршэння Другой сусветнай вайны плошча парку істотна павялічылася за кошт зносу разбураных падчас вайны будынкаў. Быў упарадкаваны ацалелы пасля вайны стадыён. У парку з’явіліся першыя атракцыёны і летні кінатэатр, які, аднак, згарэў у 1970-я гады.

У 1960 годзе парк набыў цяперашнюю назву – Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага. Тут быў збудаваны цэлы комплекс дзіцячых пляцовак. Таксама ў гэты час на тэрыторыі парку адкрылі планетарый.

У 1970-х гадах была адноўлена ўваходная аркавая брама парку з боку плошчы Перамогі. У 1955 і 1981 гадах у парку ўсталявалі два помнікі Максіму Горкаму.

Дата публікацыі: 07.06.2019.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць