Аляксандраўскі сквер


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/8bc7c5d8-f89a-4ae3-8b86-bd962e026079.mp3

Аляксандраўскі сквер – адзін з найстарэйшых сквераў Мінска, які захаваўся да нашага часу. Сваю назву ён атрымаў ад пабудаванай там у 1869 годзе праваслаўнай капліцы Аляксандра Неўскага.

У 1830-х гадах на месцы сквера была пустка. Пазней тут з’явілася плошча Прысутных месцаў. У канцы 60-х – пачатку 70-х гадоў XIX стагоддзя размешчаны тут бульвар пачаў ператварацца ў сквер. З часам яго ўпарадкавалі, абнеслі агарожай. Па цэнтры праклалі пешаходную дарожку да Архірэйскага падвор’я.

У XIX стагоддзі тут сфармаваліся вуліцы Падгорная (сёння вуліца Карла Маркса), Захар’еўская (сёння праспект Незалежнасці), Скобелеўская (сёння Чырвонаармейская), Паліцэйская (сёння Янкі Купалы). Паблізу сквера стаяў архірэйскі дом, праваслаўная духоўная кансісторыя і Пакроўская (Крыжовая) царква. Сцены Пакроўскай царквы, разбуранай бальшавікамі, паслужылі каркасам для левага крыла Акруговага дома афіцэраў, які будаваўся тут у 1934–1939 гадах.

У 1874 годзе ў Мінску пачаў працаваць вадаправод з чыстай артэзіянскай вадой. У гонар гэтай падзеі ў Аляксандраўскім скверы быў пабудаваны фантан са скульптурнай кампазіцыяй «Хлопчык і лебедзь». У 1890 годзе ў Аляксандраўскім скверы быў пабудаваны Мінскі гарадскі тэатр. Цяпер гэта тэатр імя Янкі Купалы.

Пасля Другой сусветнай вайны, у 1955 годзе, сквер быў абнесены гранітнай сцяной з аднаго боку і металічнай агароджай з другога. У 1970 годзе сквер быў рэканструяваны і добраўпарадкаваны. У ім з'явіліся калоны, абноўленыя лаўкі, гранітныя вазы, павялічана колькасць уваходаў, дададзены новыя клумбы і газоны, а таксама ўзведзена трыбуна. У 1979 годзе ў скверы быў усталяваны мемарыяльны знак-помнік на месцы пакарання ў 1942 годзе членаў мінскага падполля.

Дата публікацыі: 07.06.2019.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць