Кафедральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя (неафіцыйна завецца таксама “фарны касцёл”) — кафедральны сабор Гродзенскай дыяцэзіі, помнік архітэктуры і дэкаратыўна-манументальнага мастацтва эпохі барока і ракако.
Будаўніцтва езуіцкай рэзідэнцыі пачалося пасля 1664 года, а мураванага касцёла — у 1678 годзе. Кіраваў будаўніцтвам і часткова яго фінансаваў на працягу дзесяці гадоў ксёндз Геранім Дзевалтоўскі. 21 чэрвеня 1678 года біскуп Мікалай Слупскі асвяціў першы камень новага мураванага касцёла ў імя святога Францішка Ксаверыя. У 1683 годзе скончылі работы на ўнутраных фундаментах і перакрыцці скляпенняў. Да вясны 1700 года будынак быў гатовы настолькі, што ў ім адбылася першая імша. У 1702 годзе збудавалі купалы на вежах, атынкавалі сцены ўнутры касцёла, паставілі лаўкі.
6 снежня 1705 года хэлмінскі біскуп Тэадор Патоцкі асвяціў касцёл у прысутнасці караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II і расійскага цара Пятра I. У 1725 годзе на вежу-званіцу касцёла ўладкавалі маятнікавы гадзіннік, які выконваў ролю гарадскога гадзінніка. Вежавы гадзіннік фарнага касцёла — адзін з самых старажытных гадзіннікаў, што захаваліся і функцыянуюць на прасторы Усходняй Еўропы.
Кляштар быў скасаваны ў 1773 годзе пасля забароны ордэна езуітаў. У 1788 годзе касцёл стаў парафіяльным (фарным).
Касцёл уяўляе сабой трохнефавую купальную базіліку. У першым ярусе вежаў, у арачных нішах, устаноўлены скульптурныя выявы апосталаў Пятра і Паўла, святога Ксаверыя.
Рамонт касцёла (перакрыццё даху, пабелка) праводзілі ў канцы XVIII, сярэдзіне і канцы XIX, а таксама пачатку XX стагоддзяў.
У БССР у 1960-я — 1980-я гады ў рэчышчы антырэлігійнай палітыкі савецкай улады службы ў касцёле забаранілі, але вернікам дазволілі даглядаць храм. Набажэнствы ў касцёле аднавілі ў 1988 годзе. У 1991 годзе, калі была створана Гродзенская дыяцэзія, касцёл стаў кафедральным.
Дата публікацыі: 27.06.2017.
Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму