Свіслацкая гімназія


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/ae5dc713-da36-421e-b1b8-d7d8722dce2f.mp3

Адна з найлепшых былых навучальных устаноў у Беларусі.

Заснаваная ў 1804 годзе як Гродзенская губернская акадэмічная гімназія для навучання моладзі з Брэсцкага, Пружанскага, Кобрынскага, Ваўкавыскага, Слонімскага і Гродзенскага паветаў. Фундаваў гімназію граф Вінцэнт Тышкевіч, уладальнік мястэчка Свіслач. У 1834 годзе страціла статус губернскай і была пераўтворана ў павятовую гімназію, пасля ў павятовую вучэльню, а далей — у пяцікласную дваранскую вучэльню, якая была зачынена ў 1851 годзе. У 1944 годзе з’явілася новая адукацыйная ўстанова – Свіслацкая сярэдняя школа, а зараз гімназія № 1. Свіслацкая гімназія была дастаткова буйной навучальнай установай. А горад Свіслач ў пэўным родзе студэнцкім кампусам. У 1816 годзе насельніцтва мястэчка складала 614 чалавек, а колькасць выкладчыкаў і вучняў — 328. Сюды прыязджалі не толькі дзеці мясцовай ваўкавыскай шляхты, але навучэнцы з розных куткоў Гродзенскай губерні. Для іх, дзякуючы дабрачыннасці Вінцэнта Тышкевіча, быў зроблены інтэрнат, вучні былі забяспечаны падручнікамі, была створана лабараторыя. Навучанне разлічвалася на 7 гадоў. Тут выкладаліся дакладныя навукі, гісторыя, мовы, у тым ліку польская, руская, французская, маляванне, геаграфія, прыродазнаўчыя навукі, літаратура. Гімназія ў Свіслачы адрознівалася высокім узроўнем навучання і мела шырокую вядомасць. Сярод і яе вучняў і настаўнікаў былі вядомыя людзі. Геаграфію тут пэўны час выкладаў Ян Чачот, удзельнік таварыства філаматаў і філарэтаў, сябра Адама Міцкевіча. У гімназіі праходзілі навучанне кіраўнікі паўстання 1863-1864 гадоў Кастусь Каліноўскі і Рамуальд Траўгут. Тут навучаўся брат Кастуся Каліноўскага Віктар, мастак, кампазітар і пісьменнік Напалеон Орда, а таксама выдатны філолаг, усходазнаўца, удзельнік таварыства філаматаў і філарэтаў Восіп Кавалеўскі, пісьменнік, гісторык і фалькларыст Юзаф Крашэўскі і іншыя вядомыя асобы. Будынак гімназіі – помнік архітэктуры класіцызму. Ён захаваўся, і сёння з’яўляецца часткай комплексу раённай бальніцы.

Дата публікацыі: 01.08.2017.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць