KrokApp – персанальны аўдыягід па Беларусі
KrokApp – гэта IT-платформа, якая дазваляе даведацца цікавыя факты, практычную інфармацыю і карысныя паведамленні па ходзе руху чалавека на мясцовасці. KrokApp пераўтварае краіну ў вялікі «разумны дом» – зразумелы, дынамічны, сучасны.
Зараз праз KrokApp можна даведацца інфармацыю пра больш за 70 гарадоў Беларусі. Кантэнт даступны на трох мовах – беларускай, англійскай, рускай. Ужо распрацаваны прататып для чэшскай і кітайскай моў. Кантэнт-правайдэры актыўна дадаюць кантэнт на агульны сэрвер krokapp.com, які імгненна дае доступ да электронных дадзеных усім карыстальнікам.
IT-платформа KrokApp адкрытая для ўдасканалення і развіцця праграмістамі, а таксама для папаўнення карыснымі дадзенымі ад гісторыкаў, прафесійных гідаў, турыстычных цэнтраў, мясцовых краязнаўцаў, музеяў і аматараў.
Праблема, якая вырашаецца
У Беларусі налічваецца 118 раёнаў, 115 гарадоў, 85 пасёлкаў і 23065 сельскіх населеных пунктаў. Пра кожны з іх можна распавесці сучаснымі сродкамі больш шырокай аўдыторыі – як замежным турыстам, так і жыхарам саміх населеных пунктаў.
Колькасць гарадоў, пра якія можна даведацца праз мабільныя праграмы (не аўдыягіды), якія размешчаны ў краме мабільных праграм Google Play: да 20. Менш за 10 мабільных праграм з аўдыякантэнтам па вялікіх гарадах Беларусі. На дадзены момант няма адзінай праграмы, якая сабрала б і зручна прадставіла гістарычную і культурную інфармацыю пра гарады Беларусі.
Па выніках апытання адвольных мінакоў – з 20 апытаных толькі 1 чалавек быў здольны назваць славутасці, якія знаходзяцца не ў адным горадзе, а па меньшай меры, у 5 розных населеных пунктах Беларусі. Таму з’яўляецца актуальнай задача па распрацоўцы мабільнага дадатка, які б дазволіў у просты спосаб пазнаёміцца з гісторыка-культурнай спадчынай па гарадах і цікавых мясцінах Беларусі.
Сацыяльны эфект
- Забеспячэнне простага сэрвісу па прадстаўленні гісторыі, культуры і турыстычнага патэнцыялу гарадоў і мясцін замежнікам.
- Павышэнне ўзроўню нацыянальнай асветы грамадзян Беларусі.
- Рэклама і прасоўванне вядомых і малавядомых рэгіянальных аб'ектаў культурнай і гістарычнай значнасці.
- Прыцягненне ўвагі да аб'ектаў культурнай і гістарычнай значнасці, якія знаходзяцца ў аварыйным стане (аб'екты дойлідства).
- Магчымасць пазнаёміцца з мясцінай без выезду з-за эпідэміялагічнай сітуацыі ці іншай перашкоды, якая ёсць у карыстальніка.
Поспехі праекта
Планы праекта, напрамкі для інвеставання і дадатковых падпраектаў
- Укараніць прыкладны сцэнар выкарыстання канчаткова рэалізаванай версіі KrokApp, ён можа быць наступны. Турыст Ян робіць перасадку ў Мінску з цягніка на самалёт, у яго ёсць вольных 10-20 гадзін часу. KrokApp прапаноўвае яму пэўную колькасць кропак для наведвання, адносна пазначанай колькасці вольных гадзін Яна. Дадаткова, калі Ян адзначыць жаданне падмацавацца і нешта набыць – KrokApp скарэктуе маршрут адпаведным чынам. У наступны раз турыст Ян можа пажадаць наведаць іншы горад Беларусі, у гэтым будзе яму рады дапамагчы зноўку KrokApp.
- Укараніць сістэму аўтаматычнага ўключэння карысных паведамленняў ад KrokApp пра славутасці мясцін па ходзе руху карыстальніка.
- Дадаць славутасці ўсіх 115 гарадоў Беларусі. Вызначыць шляхі дадавання кантэнту пра астатнія населеныя пункты Беларусі.
- Адаптаваць кантэнт KrokApp цалкам для іншых моў, напрыклад, кітайскай, польскай, украінскай, літоўскай, латышскай, нямецкай, чэшскай і іншых.
- Агучыць з дапамогай дыктараў дададзены і новы кантэнт KrokApp.
- Прапрацаваць магчымасць агучкі кантэнту KrokApp сістэмамі сінтэзу маўлення па тэксце.
- Усталёўваць доўгатэрміновыя кантакты з прафесійнымі гісторыкамі, экскурсаводамі, этнографамі, журналістамі, фатографамі, дыктарамі для стварэння якаснага кантэнту KrokApp.
- Арганізаваць магчымасці дадання ўласнай інфармацыі ў KrokApp для экскурсаводаў, краязнаўцаў, гісторыкаў і іншых карыстальнікаў. Экскурсаводы змогуць атрымаць дадатковую магчымасць заробку, дзякуючы размяшчэнню платнага кантэнту ў KrokApp.
- Прапрацаваць магчымасць збору зваротнай сувязі пра прачытаны ці праслуханы кантэнт KrokApp ад карыстальнікаў.
- Знайсці партнёраў па інфармацыйнай, кантэнтнай і спонсарскай падтрымцы праекта KrokApp.
Распрацоўшчык
Лабараторыя распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі (https://ssrlab.by/). Кантэнт створаны пры падтрымцы спецыялістаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Іншыя персанальныя аўдыягіды
https://krokam.com/
Карысныя спасылкі
- Статистический ежегодник Республики Беларусь, 2020 / Старонка публікацыі – https://www.belstat.gov.by/ofitsialnaya-statistika/publications/izdania/public_compilation/index_18023/ // Прамы лінк на публікацыю – https://www.belstat.gov.by/upload/iblock/c68/c68ec3c1ac53374bedc363044769f2c1.pdf