Пінск. Пінскі Кафедральны касцёл


Кафедральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў – візітная картка Пінска.

Пінскі Кафедральны касцёл – адзін з найстаражытнейшых архітэктурных помнікаў эпохі Вялікага Княства Літоўскага. Дакумент пра яго заснаванне – “фундацыйны акт” – датаваны 1396 годам. Першапачаткова касцёл быў драўляны, і час ад часу то гарэў, то ўзнаўляўся. Значна пазней, у 1720–1730 гг., ён быў перабудаваны на мураваны ў стылі барока (архітэктар А. Ярашэвіч). У 1817 г. перад касцёлам пастаўлена трох’ярусная мураваная званіца (архітэктар К. Каменскі), чацвёрты ярус якой дабудаваны ў пачатку XX ст. Кляштар быў зачынены расійскімі ўладамі ў 1852 годзе, а касцёл пераведзены ў статус парафіяльнага. У 20-я гады ХХ стагоддзя пры Польшчы кляштар быў адрэстаўраваны, а касцёл зноў стаў Кафедральным. У савецкі час храмы былі зачынены, а з 1991 г. – перададзены каталіцкай царкве. Кафедральны касцёл стаў галоўным храмам Пінскай дыяцэзіі. Пінскі Кафедральны касцёл знакаміты сваім змайстраваным у 1836 годзе арганам, які складаецца з 1498 металічных труб. Гэта самы старадаўні арган у Беларусі і другі па велічыні ў Еўропе. Комплекс касцёла і кляштара – сапраўднае ўпрыгожанне і візітная картка горада. Найлепшы від на гэты архітэктурны ансамбль адкрываецца з ракі.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць