Заслаўе. Спаса-Праабражэнскі сабор (Кальвінскі збор)


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Спаса-Праабражэнская царква, колішні кальвінскі збор — другі кафедральны сабор Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы.

Першапачаткова храм быў узведзены як кальвінскі збор у другой палове XVI стагоддзя, заснавальнікам збору быў тагачасны ўладальнік Заслаўя, адзін з лідараў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім, Ян Глябовіч. Кальвінскі збор размяшчаўся на тэрыторыі ўмацаванага бастыённага замка. Храму таксама надавалася абарончае значэнне і, верагодна, па ўсім яго перыметры ў верхняй частцы сцен былі байніцы.

Пры кальвінскім зборы існавала школа, дзе маглі вучыцца дзеці прадстаўнікоў розных саслоўяў і канфесій.

Пасля смерці Яна Глябовіча яго сын Мікалай у 1628 годзе перадаў збор каталікам, якія зрабілі са зборавага будынка касцёл Арханёла Міхала. Новыя ўладальнікі Заслаўя Крысціна і Казімір Сапегі, заснаваўшы тут у 1676 годзе дамініканскі кляштар, перадалі ордэну і касцёл Арханёла Міхала.

У 1678 годзе былы кальвінскі збор часткова быў перабудаваны: з заходняга боку да храма была прыбудавана вежа і рэканструяваныя фасады. У верхняй частцы сцен замест байніц быў зроблены дэкаратыўны атыкавы пояс.

У 1833 годзе дамініканскі касцёл быў ліквідаваны, а будынак перададзены ўніяцкай царкве. Аднак ужо ў 1839 годзе, пасля скасавання Берасцейскай царкоўнай уніі будынак храма быў перададзены праваслаўным і стаў называцца "Праабражэнская царква". У1864–1865 гадах Праабражэнская царква была рэканструявана. Яна дзейнічала да сярэдзіны 1930-х гадоў, калі ў рэчышчы антырэлігійнай палітыкі савецкай улады была ператворана ў мучны склад. У часы Другой сусветнай вайны будынак царквы быў часткова пашкоджаны. У 1968–1972 гадах ён быў рэстаўрыраваны і прыстасаваны пад музей рамёстваў і народных промыслаў.

Толькі ў канцы 1980-х гадоў гэты будынак быў перададзены Беларускай праваслаўнай царкве. Пасля пажару 1996 года храм быў рэстаўрыраваны.

У верасні 2014 года рашэннем Сінода Беларускай праваслаўнай царквы горад Заслаўе быў вызначаны другім кафедральным горадам Мінскай епархіі. У сувязі з гэтым 3 сакавіка 2015 года Праабражэнскі храм у Заслаўі быў прызначаны ў якасці другога кафедральнага сабора Мінскай епархіі. Са снежня 2018 года службы ў царкве ў дні беларускіх святых і па вялікіх царкоўных святах вядуцца па-беларуску.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць