Барысаглебская царква


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Унікальны храм, які рэпрэзентуе адразу пяць архітэктурных стыляў. Гэтыя сцены памятаюць Канстанціна Астрожскага.

Хоць храм датуецца 1517–1519 гадамі, але насамрэч ён быў збудаваны значна раней. Археалагічныя даследаванні адносяць падмуркі царквы да Ⅻ стагоддзя. Гэта робіць яе адной з найстаражытнейшых у Беларусі. Сучасныя сцены храма былі пабудаваныя яшчэ ў пачатку ⅩⅥ стагоддзя. Фундатарам быў знакаміты гетман Канстацін Астрожскі, пры ўдзеле літоўскага праваслаўнага мітрапаліта Язэпа Солтана. У той час замест полацкай і візантыйскай тэхнік былі ўжытыя распаўсюджаныя гатычны і рэнесансны стылі. 

Праз стагоддзе храм перайшоў да ўніятаў. Мітрапаліт Язэп Руцкі заснаваў пры храме два манастыры: мужчынскі і жаночы. Змены зазнаў і сам будынак царквы. Яму надалі рысы моднага на той час стылю сармацкага барока, пры гэтым захавалі пэўныя гатычныя элементы – контрфорсы. У адным шэрагу з вежамі да самога будынка дабудавалі яшчэ і званіцу, што надало храму асіметрычны выгляд.

Яшчэ адна перабудова чакала царкву ўжо ў ⅩⅨ стагоддзі. Пасля ліквідацыі ўніяцкай царквы ў 1839 годзе, гэты храм адышоў праваслаўным. Ён быў перабудаваны ў псеўдарускім стылі. Аднак на гэтым рэканструкцыя не скончылася. Падчас знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы мясцовыя ўлады намагаліся надаць царкве ранейшы выгляд.

У савецкі час храм быў закрыты і выкарыстоўваўся як філіял гродзенскага архіва. Але, нягледзячы на пакручасты лёс, набажэнствы ўсё ж вярнуліся ў гэтыя сцены. Царква была вернута вернікам у 1996 годзе. Апошнія змены ў абліччы храма адбыліся ў 2010 годзе, калі на вежах з'явіліся неўласцівыя для беларускай архітэктуры купалы (цыбуліны).

Дата публікацыі: 23.02.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць