Касцёл Усіх святых (Перамянення Божага)


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

Адзін з самых старадаўніх касцёлаў Вялікага Княства Літоўскага. Месца шлюбу Ягайлы з Соф'яй Гальшанскай і хрышчэння Адама Міцкевіча.

Ля падножжа Замкавай гары ўзвышаецца Навагрудскі фарны касцёл. Гэты храм быў закладзены Вялікім Князем Літоўскім Вітаўтам у 1395 годзе. За сваю гісторыю касцёл стаў сведкам шматлікіх гістарычных падзей. Аддаючы даніну статусу Навагрудка як першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, кароль Польшчы, Ягайла, менавіта тут браў шлюб з маладой беларускай арыстакраткай Соф'яй Гальшанскай. Іх дзеці працягнулі дынастыю Ягайлавічаў. 

У храме знаходзіцца мемарыяльная дошка. Яна апавядае пра гераічныя падзеі бітвы з туркамі пры Хаціне ў 1621 годзе, дзе прымала ўдзел і навагрудская харугва. Мемарыяльную дошку ў памяць пра сваіх загіблых сяброў усталяваў тагачасны кашталян горада – Ян Рудаміна-Дусяцкі.

У гатычным стылі касцёл праіснаваў да пачатку ⅩⅧ стагоддзя. У 1712–1740 гадах ён быў перабудаваны ў раннебарочным стылі. У 1799 годзе ў абноўленым будынку касцёла быў ахрышчаны будучы знакаміты паэт Адам Міцкевіч.

У другой палове ⅩⅨ стагоддзя па распараджэнні расійскай адміністрацыі касцёл быў закрыты. Гэты храм нанава асвяцілі толькі ў 1922 годзе, калі Заходняя Беларусь патрапіла ў склад Польшчы. 

Другая сусветная вайна таксама пакінула свой след у гісторыі храма. У ім пахаваныя 11 сёстраў назарэтанак, закатаваных нацыстамі.

Сёння навагрудскі касцёл Перамянення Божага з'яўляецца фарным.

Дата публікацыі: 23.02.2021.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць