Навагрудак. Навагрудскі замак


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/

У часы свайго існавання замак быў самым вялікім на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Рэзідэнцыя вялікіх князёў літоўскіх, праваслаўных і ўніяцкіх мітрапалітаў, Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага. Месца магчымай каранацыі Міндоўга.

На самай высокай замкавай гары на тэрыторыі сучаснай Беларусі некалі ўзвышаўся самы магутны і самы вялікі ў Беларусі замак. 

На стромкіх схілах часткова падсыпанага пагорка, вышыня якога сягае 60 метраў, у Ⅺ стагоддзі з'явіўся замак. Яго драўляныя ўмацаванні былі абведзеныя абарончымі ровам і валам.

Каменная вежа-данжон з'явілася тут толькі ў ⅩⅢ стагоддзі. Яна адыгрывала важную ролю ў абароне замка ад частых нападаў крыжакоў. 

Пачынаючы з канца ⅩⅣ і да сярэдзіны ⅩⅥ стагоддзя паўсталі яшчэ 6 каменных вежаў: Касцёльная, Малая, Пасадская, Дазорца, Калодзежная і Мейская. Прычым дзве апошнія ўтварылі спецыяльнае перадзамкавае ўмацаванне – гэтак званы форбург. У Калодзежнай вежы знаходзіўся тайнік з вадой. 

Усе вежы паступова былі злучаны каменнымі сценамі вышынёй 8 метраў і таўшчынёй 2,5 метры. 

У гэты ж час на тэрыторыі дзядзінца былі пабудаваныя велікакняжацкі палац і царква Святога Міхаіла, дзе адбываліся пасяджэнні Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. 

Замак за сваю гісторыю паспеў таксама пабываць рэзідэнцыяй праваслаўнага і ўніяцкага мітрапалітаў. Магчыма, ён быў месцам каранацыі вялікага князя Міндоўга.

Але з сярэдзіны ⅩⅦ стагоддзя каменнае сэрца першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага пачынае прыходзіць у заняпад. Самыя вялікія разбурэнні прынесла трынаццацігадовая вайна 1654–1667 гадоў з Маскоўскай дзяржавай. Працягнулі разбурэнне Навагрудскага замка шведы падчас Паўночнай вайны. У пачатку ⅩⅨ стагоддзя, у 1802 годзе гродзенскі губернатар Бэнігсэн загадаў разабраць частку замкавых вежаў, каб пабрукаваць вуліцы Навагрудка.

Пад ахову руіны замка былі ўзятыя толькі ў 1921 годзе польскімі ўладамі. На дадзены момант захаваліся толькі рэшткі дзвюх вежаў: Шчытоўкі і Касцёльнай.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць