Нацыянальная бібліятэка Беларусі


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/5b3a276d-1115-4df6-a62c-d8827c0b0f66.mp3

Нацыянальная бібліятэка Беларусі з’яўляецца аб’ектам культурнай спадчыны беларусаў. Яна збірае, захоўвае і прадстаўляе ў карыстанне ўніверсальны фонд дакументаў, кніг, друкаваных і электронных выданняў.

Дзяржаўная бібліятэка ў Мінску была заснавана ў 1922 годзе і спачатку адносілася да Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На момант адкрыцця яе фонды налічвалі ўсяго 60 тысяч экзэмпляраў, якімі карысталіся 1,1 тыс. чалавек.

За гады свайго існавання бібліятэка мяняла назву і месцазнаходжанне. У сакавіку 2002 года было прынята рашэнне аб узвядзенні новага будынка для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Яго адкрылі 16 чэрвеня 2006 года.

Знешне будынак нагадвае прыбліжаны да шара абліцаваны шклом шматграннік – “брыльянт”, які ўзнімаецца ў цэнтры 3-павярховай падстаўкі (стылабата). Форма будынка сімвалізуе каштоўнасць ведаў і бясконцасць пазнавальнага свету (аўтары архітэктурнага праекта – М.К. Вінаградаў і В.У. Крамарэнка). Інтэр’ер бібліятэкі афармлялі найлепшыя мастакі і скульптары Беларусі. Плошча бібліятэкі складае больш за 113 тысяч квадратных метраў, а вышыня – 73,6 метры. Змяшчальнасць фондаў – 14 мільёнаў адзінак захоўвання. 17 чытальных залаў і 2 тысячы чытацкіх месцаў. У бібліятэцы працуе ўнікальны Музей кнігі і шэраг галерэй, дзе праводзяць розныя імпрэзы і ўрачыстасці.

Перад будынкам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўсталявана фігура Францыска Скарыны – беларускага першадрукара і перакладчыка Бібліі. Уваход у памяшканне бібліятэкі выкананы ў выглядзе разгорнутай кнігі з мастацкімі выявамі на тэму развіцця сусветнага і славянскага пісьменства.

На самай верхавіне будынка бібліятэкі знаходзіцца пляцоўка, на якой праводзяць экскурсіі. 

Асаблівую папулярнасць атрымалі аглядныя экскурсіі, якія знаёмяць наведвальнікаў непасрэдна з новым будынкам бібліятэкі, даюць больш поўнае ўяўленне пра яе работу, архітэктурныя асаблівасці, мастацкае афармленне і тэхнічны ўзровень. На даху бібліятэкі размяшчаецца аглядная пляцоўка, куды наведвальнікаў дастаўляе панарамны ліфт. Тут можна любавацца цудоўнымі краявідамі Мінска.

Скарыстайцеся, калі ласка, аўдыягідам па ўнікальнай міжнароднай выставе "Беларусь і Біблія", якая была арганізавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Групай даследавання рукапісаў (ЗША). Уваходная спасылка  https://krokam.com/belarus-bible.

 

Дата публікацыі: 17.02.2020.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць