Брэст. Гісторыка-археалагічны музей «Бярэсце»


Гісторыка-археалагічны музей “Бярэсце” – гэта філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. У ім сабраныя ўнікальныя экспанаты, якія ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць.

Музей “Бярэсце” размешчаны непадалёк ад рэк Заходні Буг і Мухавец, на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці.

Адкрыццё музея адбылося ў 1982 годзе на месцы археалагічных раскопак, якімі кіраваў пачынаючы з 1968 года доктар гістарычных навук Пётр Лысенка. Экспазіцыя і фонды музея складаюцца з 43 тысячаў экспанатаў, многія з якіх даступныя для агляду наведнікамі.

Асноўная экспазіцыя – рэшткі гарадзішча старажытнага Брэста з дамамі і вуліцамі – падзелена на часткі і прадстаўлена ў 14 залах-нішах. Тут ёсць экспанаты, прысвечаныя ўзнікненню і фарміраванню старажытнага Бярэсця, гарадская забудова, рамесныя кварталы, у якіх паказаны прыстасаванні для апрацоўкі каляровых металаў і жалеза.

Таксама прадстаўлены прадметы інтэр’ера, якімі карысталіся людзі, што жылі ў тыя часы на тэрыторыі Брэсцкай вобласці – металічныя, шкляныя, драўляныя, гліняныя вырабы, саматканае адзенне, косці і вырабы з косткі, мноства ўпрыгожванняў, посуд і прыстасаванні да станкоў.

У музеі можна пабачыць гарбарныя і кастарэзныя майстэрні, ткацкія і ганчарныя станкі, прадметы побыту, якія дапамагалі старажытным славянам у земляробстве, жывёлагадоўлі, пры паляванні і рыбалцы. Гэтыя прадметы захоўваюцца ў спецыяльна абсталяваным павільёне, агульная плошча якога 2400 квадратных метраў. Сучасная экспазіцыйная зала пабудавана з бетону, алюмінію і шкла.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць