Брэст. Музей “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”


Музей “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” неафіцыйна называюць “музеем мытнага канфіскату”. Ён адкрыўся ў Брэсце ў 1989 годзе.

Музей “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” быў адкрыты 4 лютага 1989 года. Аднак калекцыя пачала збірацца значна раней, пачынаючы з 1953 года. Гэта адзіны ў Беларусі музей, экспазіцыя якога складаецца з мастацкіх твораў і антыкварыяту, якія былі канфіскаваныя мытнікамі пры спробе незаконнага вывазу за мяжу.

Сам музей знаходзіцца ў будынку, які ўваходзіць у разрад архітэктурных помнікаў. Гэта пабудова 1925–1927 гадоў паводле праекту таленавітага архітэктара Юльяна Лісецкага. У адрэстаўраваным будынку ў 1989 годзе наведнікам была прадстаўлена першая экспазіцыя. Цяпер гэта культурная ўстанова адносіцца да Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

19 лютага 2016 года была адкрытая новая экспазіцыя музея, у якой прадстаўлена каля 400 музейных прадметаў, выстаўленых у 10 залах.

У музеі прадстаўлена калекцыя рускай іконапісі XVI – пачатку ХХ стагоддзяў. Ювелірнае мастацтва прадстаўлена творамі сусветнавядомых фірм Фабержэ, Аўчыннікава, Хлебнікава і іншых. Заходнееўрапейскае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва XVIII – пачатку ХХ стагоддзя прадстаўлена антыкварнай мэбляй, вырабамі з бронзы і парцаляны. Таксама ў музеі ёсць калекцыі жывапісу і графікі.

Акрамя пастаяннай экспазіцыі ў музеі “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” рэгулярна праводзяцца вернісажы, канцэрты камернай музыкі, майстар-класы, акцыі “Ноч музеяў”.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць