Брэст. Васкрасенскі сабор


Васкрасенскі сабор з’яўляецца адным з самых наведвальных у Брэсце. Ён лічыцца візітнай карткай Прыбужжа.

Васкрасенскі сабор быў узведзены адносна нядаўна, у 1995–1998 гадах. Яго пабудова была прымеркаваная да пяцідзесяцігоддзя заканчэння Другой сусветнай вайны. Грашовыя сродкі ахвяравалі прыхаджане, падтрымку аказалі Брэсцкі аблвыканкам і гарвыканкам, а таксама Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. У 1995 годзе асвячэнне храма правёў патрыярх Маскоўскі і Ўсяе Русі Алексій ІІ.

Васкрасенскі сабор з’яўляецца самым вялікім храмам горада, не толькі сярод праваслаўных, але наогул сярод усіх хрысціянскіх культавых збудаванняў, якія існуюць на тэрыторыі Брэста. Гэты храм адначасова можа змясціць пяць тысяч вернікаў.

Каменны сабор пабудаваны ў неарускім стылі і ўяўляе сабой храмавы будынак з пяццю купаламі. Іх колькасць невыпадкова: кожны з купалаў сімвалізуе Ісуса Хрыста і чатырох яго апосталаў-евангелістаў. У найвышэйшай кропцы храм дасягае 41 метра. Сабор падзелены на два храмы: ніжні, або Казанскі, размясціўся на плошчы ў 550 квадратных метраў, верхні, Васкрасенскі, займае плошчу больш за 700 квадратных метраў.

У 2001 годзе храм абзавёўся ўласным звонам, які важыць чатырыста кілаграмаў і размешчаны ў званіцы на вышыні 47,5 метраў.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць