Гродна. БНР101: 7. Дом беларускіх афіцэраў


У гэтым будынку жылі перад адпраўкай на Случчыну для ўдзелу ў збройным чыне капітан Антон Борык і паручнік Андрэй Якубецкі. Тут таксама пэўны час жыў кіраўнік Беларускай вайсковай камісіі паручнік Францішак Умястоўскі. Магчыма, што тут спыняўся і Вячаслаў Адамовіч-малодшы, больш вядомы як “Атаман Дзяргач”, камандзір беларускай паўстанцкай арганізацыі “Зялёны дуб”. Беларуская вайсковая камісія была створана 2 жніўня 1919 года рашэннем Беларускага з’езда Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Яе задачай было фармаванне беларускіх вайсковых частак у складзе Войска Польскага. У 1919 годзе меркавалася, што будзе ўтворана беларуска-польская федэрацыя, а начальнік польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі выступаючы ў Менску на беларускай мове заявіў пра адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага. Але гэтыя планы не былі рэалізаваныя, а Беларуская вайсковая камісія здолела арганізаваць толькі два батальёны пяхоты і курсы перападрыхтоўкі афіцэраў. Гэта дало магчымасць ураду БНР у лістападзе-снежні 1920 г. значна падтрымаць слуцкіх паўстанцаў, якія на цэлы месяц вызвалілі Случчыну ад бальшавікоў і аднавілі там уладу БНР.

Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць