Гродна. БНР101: 3. Гарадзенская турма


У келлях былога езуіцкага кляштара і калегіума яшчэ ў 1812 годзе трымалі палонных французаў, а з 1820 года былы манастыр афіцыйна ператвараецца ў турму паводле ўказа расійскага цара Аляксандра І. У часы паўстання 1863-1864 гадоў праз астрог прайшлі каля 2 тысяч паўстанцаў, сярод якіх быў і вядомы мастак Напалеон Орда. Пасля абвяшчэння БНР і ў час актыўнай дзейнасці беларускіх арганізацый у міжваеннай Польшчы турма папоўнілася многімі знакамітымі арыштантамі-беларусамі. Аднымі з першых за яе краты трапілі Тамаш Грыб, адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы, Паўліна Мядзёлка, адна з заснавальніц Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі і Янка Натусевіч. Вязнямі Гарадзенскай турмы сталі беларускі паэт Валянцін Таўлай і беларускі пісьменнік Піліп Пестрак, камуністычны дзеяч Заходняй Беларусі Сяргей Прытыцкі. Адзін з найбольш вядомых вязняў турмы – гэта аўтар першай беларускай граматыкі, кіраўнік Беларускай сялянска-работніцкай грамады і беларускі пасол у польскім сойме Браніслаў Тарашкевіч. У сваёй камеры №45 за час зняволення ён здолеў перакласці на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Яшчэ адным знакамітым вязнем гэтага месца верагодна быў дзеяч БНР, баптысцкі пастар і перакладчык Бібліі Лукаш Дзекуць-Малей, якога польскія ўлады тройчы арыштоўвалі за беларускую дзейнасць у пачатку 1919 года. У час зняволення ў турме, ён ледзьве не памёр ад тыфу, але вытрымаўшы ўсе выпрабаваньні працягнуў сваю беларускую хрысціянскую дзейнасьць. Гарадзенская турма стала месцам сустрэчы і загартоўкі многіх беларускіх патрыётаў на працягу ўсёй яе гісторыі.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць