Cлуцкая брама


Other, krokapp.comhttps://krokapp.by/media/sound/ad28601f-dcd3-4792-b966-e7f31fa3595f.mp3

Гарадская Слуцкая брама з'яўляецца ўнікальным помнікам барока. Гэта адзіная брама з пяці, што існавалі ў горадзе, і адзіная, якая захавалася ў Беларусі, пабудаваная ў сістэме гарадскіх умацаванняў у канцы XVI – пачатку XVII стагоддзяў.

У 1586 годзе Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка паставіў перад гараджанамі задачу збудаваць абарончыя аб'екты. Да канца XVI стагоддзя гарадскія ўмацаванні ў асноўным былі пабудаваныя. Аснову абароны горада складаў высокі земляны вал. Ён меў выгляд пяцікутніка з 7 бастыёнамі і ахопліваў горад з усіх бакоў. Унутр можна было патрапіць праз пяць брам: Слуцкую, Клецкую, Віленскую, Мірскую і Замкавую. Падчас вайны Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў гарадскія ўмацаванні, у тым ліку і гарадскія брамы, былі значна пашкоджаны. У 1700 годзе (па некаторых крыніцах у 1760 годзе) Слуцкая брама была перабудавана ў стылі барока. Паводле інвентароў на першым паверсе брамы знаходзілася памяшканне для варты і чыноўніка, які збіраў мыту. Кожны, хто ўваходзіў ці заязджаў у горад, павінен быў заплаціць мытны збор. На другім паверсе размяшчалася капліца Божай Маці. У 70-я гады ХХ стагоддзя на Слуцкай браме былі праведзены рэстаўрацыйныя работы: адноўлены фасады і дах, дубовыя дзверы, вокны, лесвіца на другі паверх, гаўбец на фасадзе з боку горада. У верасні 2007 года завяршыўся капітальны рамонт брамы, добраўпарадкавана тэрыторыя вакол помніка.

Дата публікацыі: 27.11.2017.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць Спампаваць