Паставы. Касцёл Св. Антонія Падуанскага


Неагатычны касцёл на беразе ракі Мядзелка.

Цагляны касцёл Святога Антонія Падуанскага быў пабудаваны архітэктарам Артурам Гойбелем у 1904 годзе на тэрыторыі былога францысканскага кляштару, заснаванага ў 1617 годзе на сродкі Станіслава і Ганны Сянкевічаў-Бяганскіх. У XVII стагоддзі ўласнікамі мястэчка Паставы была сям’я Сянкевічаў-Бяганскіх. На іх сродкі і былі пабудаваны кляштар з касцёлам. Пасля паўстання 1830 г. кляштар быў закрыты, а рэшткі царквы разабраныя. Толькі ў 1898–1904 гадах (па іншых звестках у 1880–1887 гадах) на яе фундаменце па праекце архітэктара Артура Гойбеля быў узведзены новы храм, названы ў гонар святога Антонія Падуанскага. Фінансавала адбудову касцёла Марыя Пшэдзецкая. Новы касцёл быў зарыентаваны па лініі поўнач-поўдзень, у той час як стары меў традыцыйную арыентацыю ўсход-захад. Ён быў пабудаваны ў неагатычным стылі з чырвонай цэглы. Стральчатыя вокны і нішы, ступеньчатыя контрфорсы – усё гэта элементы неаготыкі. У цэнтры крыжападобнага ў плане храма – вежа-званіца. У гады Першай сусветнай вайны касцёл быў моцна пашкоджаны: былі цалкам знішчаны арган, галоўны алтар, амбон. Па выніках Рыжскага міру Паставы апынуліся ў складзе Польшчы і храм у 20-я гг. ХХ ст. быў адноўлены. У 1939 г., Паставы былі далучаны да БССР. У выніку касцёл быў закрыты , а апошні пробашч Баляслаў Мацяеўскі, быў арыштаваны і загінуў у сталінскіх лагерах. Пасля Другой сусветнай вайны будынак касцёла выкарыстоўваўся як склад, пазней там месціліся цэхі прамысловага прадпрыемства. У 1988 годзе будынак касцёла святога Антонія Падуанскага адным з першых касцёлаў Беларусі быў вернуты вернікам. Пасля працяглай рэстаўрацыі храм быў адкрыты для набажэнстваў. Цяпер касцёл цалкам абноўлены, пры касцёле дзейнічае музей гісторыі рэлігіі.


Для зручнай навігацыі па славутасцях выкарыстайце БЯСПЛАТНУЮ мабільную праграму

Спампаваць